В рамках реализации проекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» для учащихся комплекса был проведен музейный урок-путешествие «Духоўная і гістарычная спадчына цяхцінцаў у прыладах працы, гульнях і традыцыях». Третьякова И.М. руководитель школьного музея познакомила учащихся с предметами прошлого, рассказала об их назначении в прошлом и о том, какую ценность они имеют в настоящем. Учащиеся 7 класса помогали Ирине Максимовне в проведении музейного урока.
МУЗЕЙНЫ УРОК - ПАДАРОЖЖА
«Духоўная і гістарычная спадчына цяхцінцаў у прыладах працы, гульнях і традыцыях »
Мэта: знаёмства наведвальнікаў з прадметамі даўніны, цацкамі і гульнямі, іх прызначэннем у мінулым і каштоўнасцю зараз; выхоўванне любві і павагі да малой Радзімы.
Задачы:
Навучальныя:
- Садзейнічаць пашырэнню ведаў пра быт цяхцінцаў у мінулым.
- Спрыяць прабуджэнню цікавасці вывучаць гістарычнае мінулае нашай Радзімы.
Выхаваўчая:
- Выхоўваць павагу да мінулых пакаленняў, іх традыцый.
Развіваючыя:
- Садзейнічаць развіццю цікавасці да вывучэння гісторыі роднай мясцовасці.
- Спрыяць пашырэнню кола ведаў па краязнаўству, папаўняць слоўнікавы запас навучэнцаў.
Форма правядзення мерапрыемства: Музейный урок-падарожжа.
Узрост актывістаў музея: 10-14 гадоў.
Мэтавая аудыторыя – навучэнцы 7 – 15 гадоў, бацькі, госці музея, педагогі.
Абсталяванне: кампьютар, праектар, мультымедыйная прэзентацыя “Мінулае Цяхціна”, песня «Прывітанне, мой край» (словы І.Траццяковай, музыка Ю.Дзеравяшкіна), аўдыёзапіс “Ветрык”, аўдыёзапіс “Цымбалы”, чапёлы (4 штукі), кавалкі тканіны (памер 10х15).
Афармленне: экспазіцыі музея «Беларуская хатка», «Гісторыя Цяхціна», «Мотанка».
Працягласць экскурсіі – 40 - 45 мінут.
Вядучыя: актывісты музея – Печанькоў Кірыл і Заўялава Мілана, кіраўнік музея – Траццякова І. М.
Ход музейнага ўрока-падарожжа
Гучыць першы куплет песні «Прывітанне, мой край». У музейнае памяшканне ўваходзяць госці.
Заўялава Мілана:
Дарагіх гасцей вітаем,
караваем сустракаем!
Каравай вам трэба з’есці
І на месцы ціха сесці!
Госці, паспытаўшы каравай, рассаджваюццана свае месцы.
Кіраўнік музея:
Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння мы з вамі адправімся ў цікавае завочнае падарожжа па вёсцы Цяхцін, якая параўнальна нядаўна змяніла свой статус і стала аграгарадком.
Гэта падарожжа дапаможа вам, сябры, пазнаёміцца з багатай гісторыяй Цяхціна, а таксама зразумець, чаму трэба з павагай адносіцца да гістарычнай спадчыны сваёй мясцовасці.
Вёска Цяхцін – адна з самых старажытных вёсак нашага раёна. Даследчыкі сцвярджаюць, што ёй больш за 350 год, але ў школьным музеі знаходзяцца экспанаты – каменны тапор і крэмневы скрабок - (дэманструе экспанаты), знойдзеныя мясцовымі жыхарамі, якія даказваюць, што людзі ў гэтай мясцовасці з’явіліся значна раней.
Ёсць у мясцовых жыхароў цікавая легенда, якая звязана з назвай Цяхцін. Гэта легенда перадаецца з пакалення ў пакаленне. Паслухайце яе ў выкананні актывіста школьнага музея Печанькова Кірыла.
Печанькоў Кірыл:
Калісьці даўно, дзе цяпер стаіць вёска,
Быў толькі лес і дзвюх рэчак палоскі.
Лес быў багаты грыбамі, дзічынай.
Аднойчы прыйшла аднекуль дзяўчына.
Сама прыгажуня: русыя косы,
У вачах вялікіх плешчуць нябёсы,
Спрытныя рукі і голас звонкі,
Стан у дзяўчыны высокі і тонкі.
Ніхто і не ведаў як яе зваць,
Але ўмела яна чараваць.
Ведала травы і зёлкі дзяўчына.
Час праляцеў. Нарадзіла яна сына.
Рос той хлапчук не на днях – па гадзінах.
Для чараўніцы ён быў як свет – адзіны.
Усё дазваляла сыночку вядзьмарка:
У лесе гуляць, загараць, бегаць шпарка.
Толькі, нібы ў адчыванні бяды,
Не дапушчала яго да вады.
Не дазваляла глядзець нават сыну
На хуткі Цях і празрыстую Ціну.
Чаго баішся, тое і здараецца.
Вядзьмарка ў лес, а сыночак купаецца,
Плешчыцца, цешыцца цёплай вадой
І не заўважыў, як у вір з галавой
Яго зацягнула. Не выбрацца болей.
Кароткай была ў хлапца таго доля.
Прыйшоўшы дамоў, вядзьмарка клікала сына:
Сынок, ты ж казаў, што мяне не пакінеш!
Бегала, клікала і не знайшла.
На бераг дзьвух рэк вядзьмарка пайшла.
І ўсё зразумела адразу яна,
Бо ў рэчках тых не было відаць дна…
І рукі падняўшы да Бога ў гору,
Вядзьмарка ўпала на бераг ад гора.
Ніхто не ведаў, колькі так яна ляжала.
Ды рэчак вада ёй мёртвага сына аддала.
Схаваўшы ў зямліцы сырой свайго сына,
Стала збірацца вядзьмарка пакінуць
Край, што ёй шчасце быць маці прынёс,
Край, дзе праліла яна рэкі слёз.
Сабрала ўсе рэчы свае ў вузельчык,
Праходзячы берагам, каменьчык
Кінула ўлева, кінула ўправа
Уміг і вада, і вядзьмарка прапала,
Як і не было ні Цяха, ні Ціны.
Ад іх засталіся адны ўспаміны.
Шмат часу прайшло. Тут цяпер стаіць вёска,
Расце збажына і бульба ў палосках.
Ды кажуць у народзе, што той,
Хто чароўныя камні падымя,
Той Цяха і Ціну з нябыцця ажывя.
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Кіраўнік музея:
Чуеце, сябры, падае голас чарадзейны ветрык. Разам з ім мы пранясёмся праз гады і стагоддзі. Разам мы ўбачым, як выглядала наша вёска некалькі стагоддзяў таму назад.
Ідзе дэманстрацыя слайдаў
Першы наш прыпынак - месца, дзе па мясцовай легендзе працякала адна з рэк, што далі назву вёсцы – Цях.
Пакуль мы знаходзімся ў дарозе, дазвольце вам сказаць, што вёска Цяхцін размяшчаецца на поўдні Бялыніцкага раёна ў акружэнні лясоў, часцей бароў. Ды і самая старая і вялікая вуліца Цяхціна (мы над ёй зараз пралятаем) – вуліца Перамогі, што пачынаецца ля сельскага дома культуры і паварочваючы ўправа, упіраецца ў вялікі бор, раней мела назву Падбор’е. Гэта назва, як тапонім, захавалася да нашага часу і сведчыць аб тым, што мясцовыя жыхары “жылі з лесу”. Збор і загатоўка грыбоў, ягад, веннікаў, паляванне – звычайныя заняткі жыхароў вуліцы Падбор’е. Аб гэтым гавораць і мясцовыя прыказкі.
- Што дае бор – цягні ўсё ў двор.
- Не ляніся. Бору пакланіся.
- Хто з борам сябруе - ніколі не забядуе.
Вось мы і над месцам, якое ў мясцовых жыхароў называецца Аселіцай. Аселіца ідзе ўздоўж Падбор’я. Па рэльефу мясцовасці вы можаце бачыць, што гэта сапраўды старое рэчышча, якое ў час павадкаў напаўняецца вадой, што імкнецца да ракі Друць.
Дэманстрацыя слайдаў.
Заўялава Мілана:
Першымі пасяленцамі нашай вёскі былі земляробы, паляўнічыя і рыбакі. А яшчэ ў Цяхціне жылі людзі, якія займаліся дзягцярна-шкіпядарнай справай.
Ідзе дэманстрацыя слайдаў
На слайдах вы можаце бачыць усё тое, што засталося сёння ад дзягцярна-шкіпядарнага промыслу на паўночным ускраўку нашай вёскі, але прозвішчы Плехаў і Дзяхцяроў, якіх шмат у вёсцы, назаўсёды будуць нагадваць нашчадкам пра гэту гістарычную спадчыну.
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Ідзе дэманстрацыя слайдаў.
Кіраўнік музея:
Зноў мы адпраўляемся ў гістарычнае падаожжа. Пралятаем над вуліцамі Цяхціна. Бачым нашых продкаў, якія стаяць на парозе маленькай хаткі. Вакол яе, для цеплыні, зроблена прызба.
Бедна жылі нашы продкі. З мазаля жылі, з працы ўласнай і, хоць не былі цяхцінцы прыгоннымі сялянамі, перабіваліся з квасу на хлеб, бо сем’і вялікія мелі, як правіла, 8 – 10 чалавек.
Але нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, нашы продкі былі людзі акуратныя. Дбайная гаспадынька амаль кожны дзень скрэбла стол, лаўкі нажом, ды падлогу пасыпала свежым пясочкам.
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Печанькоў Кірыл:
Давайце-ка мы з вамі, сябры, заглянем у “Беларускаю хатку” і паназіраем за жыццём і бытам нашых продкаў.
Гучыць аўдыёзапіс “Цымбалы”.
Заўялава Мілана:
Сябры, звярніце ўвагу ўсе.
Тут “Беларуская хатка” ва ўсёй красе!
Падлога, лавы, стол памыты.
Куфар прыгожай посцілкай укрыты.
Іконы ўпрыгожылі карункі-
Нібыта Богу падарункі.
Дэманстрацыя экспанатаў.
Кіраўнік музея:
Прыггожа і ўтульна ў сялянскай хаце – кожная рэч на сваім месцы! Але заўважце, сябры, што цэнральнае месца ў сялянскаў хаце займае печ. Хату ніяк нельга ўявіць без печкі, у якой патрэскваюць дровы, у якой пячэцца духмяны хлеб…
Так, так. Нашы дзяды і прадзеды самі выпякалі хлеб. У драўлянай дзежачцы ставілі росчыну, а калі цеста падыходзіла, бабуля абгладжвала рукамі, змочанымі ў вадзе, круглыя боханы. І тут было не абысціся без драўлянай лапаты. Яе засцілалі капусным лісцем або аерам.
Дэманструюцца экспанаты
Усе, названыя вышэй вырабы з дрэва зроблены рукамі нашага земляка – майстра Васіля Піліпавіча Плехава.
У шырокім ужытку нашай мясцовасці быў гліняны посуд: гарлачы, глякі, кубкі. У іх захоўвалася смятана, малако, тварог, масла, тапленае малако і іншыя прадукты.
Вось такія гарлачы рабілі з гліны ў нашай мясцовасці. Вядомым майстарм быў Цапік Ілья. Гэты гарлач выдзеляецца дакладнасцю абрысаў сілуэта – кароткае горла, пукатыя бакі, венчык крыху адгорнуты, дыяметр вусця аднолькавы з дыяметрам дна.
Дэманструюцца экспанаты
Цяхцінцы часта называлі хату – хаткай. Гэта таму, што хацелі выказаць свае сардэчныя адносіны да сямейнага ачага. А яшчэ цяхцінцы любілі займацца хатняй гаспадаркай: рэзаць і секчы дровы, насіць ваду, майстраваць з дрэва паліцы, табурэткі, лаўкі, цэбры, маслабойкі, кубельчыкі. Гэтым займаліся мужчыны. Самым вядомым у нашай мясцовасці майстрам – бондарам быў Цаброў Мікалай. Яго вырабы вы можаце бачыць у нашым музеі.
Дэманструюцца экспанаты
Жанчыны ж, у сваю чаргу, пралі, ткалі, вышывалі, плялі карункі. Вырабы прадстаўленыя ў музеі, перададзеныя на захоўванне Цабровай Святланай, належаць творчасці яе свякрові -Цабровай Кацярыны.
Дэманструюцца экспанаты
Майстроў ды майстрых поўна было ў кожнай хаце — славіцца да нашага часу зямля цяхцінская сваімі талентамі!
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Печанькоў Кірыл:
Зноў у падарожжа час.
Запрашаем, сябры вас
Ляльку-мотанку паглядзець.
Можаце і яе зрабіць сумець!
Кіраўнік музея:
Лялькі мотанкі з’явілісь у нашай мясцовасці вельмі даўно, калі людзі навучылісь апрацоўваць лён, пераўтвараючы звычайную расліну у тканіну для адзення.
Цяхцінцы выраблялі розныя лялькі: Званочкі, Капусткі, Вядучкі, Вяснянкі, Купаўкі, Дзевакі-Баб, Дзень-Ноч.
Дэманстрацыя экспанатаў.
Нашы продкі верылі, што лялькі-мотанкі абараняюць іх саміх, іх хаты ад злых духаў і “рознай нечысці”. Менавіта таму лялькі-мотанкі суправаджалі мясцовых сялян усё жыццё.
Напрыклад: цяжарнай жанчыне дарылі Пелянашку, на вяселлі абавязкова прысутнічалі Неразлучнік”, а ў галодны год усіх выратоўвала Крупенечка.
Дэманстрацыя экспанатаў.
Заўялава Мілана:
А зараз, сябры вас,
Запрашаем на майстар-клас!
Печанькоў Кірыл:
Зайчыка на пальчык рабіць пачынаем.
Набыць спадчыну-навуку ўсіх запрашаем!
Кіраўнік музея:
Ветрык перанёс нас на майстар-клас, дзе мы будзем рабіць народную цацку Зайчык на пальчык, што прызначалася для гульні дзецям.
Для яе нам спатрэбіцца кавалак тканіны 10 на 15 і кавалак чырвонай ніткі даўжынёй 30 сантыметраў.
- Дэманстрацыя ўзору цацкі.
- Дэманстрацыя вырабу цацкі кіраўніком.
- Выраб цацкі наведвальнікамі.
- Дапамога ў выкананні вырабу.
- Дэманстрацыя наведвальнікамі ўласназробленых вырабаў.
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Кіраўнік музея:
Цяхцін - край вясёлы, багаты.
Гасцей тут чакаюць утульныя хаты.
А ў хатах, з прадвеку вякоў так вялося,
Каб добра і весела ўсім нам жылося,
З павагай сустрэнуць заўсёды гасцей,
Каб тыя наведваліся часцей!
За стол запросяць і пачастуюць,
Страў самых смачных не пашкадуюць!
А потым запросяць на круг пагуляць,
Сябры, паверце, ёсць чым здзіўляць!
Гульню “Чэпел”, запісаную са слоў старажылаў вёскі Цяхцін Буймістравай Е.М. і Хрушчовай Т.М., праводзяць актывісты школьнага музея – вучні 8 класа.
Вядучы: Гульняў вялікую спадчыну маем.
З намі гуляць усіх запрашаем!
Вядучыя-удзельнікі разыходзяцца па розных баках.
Гучыць музыка (гармонік). З’яўляецца моладзь (юнакі і дзяўчаты у нацыянальным адзенні), пачынаюць дыялог, нібыта спрачаюцца.
Удзельнікі-актывісты:
- Прывітанне!
- Прывітанне!
- Працавалі цяжка ў ранні!
- Ды і ў дзень мы не ляжалі!
-Час настаў, каб пагулялі!
- Во, давайце ў “Рамня!”
- Бі, Васіль, свайго каня!
- Не, давайце ў “Яечка”.
- Галава твая , як печка,
А мо,нават, і як пень!
Сення не Вялік жа Дзень!
- Трэба нам гульню абраць,
Каб і танчыць, і спяваць…
Каб душою стаў я весел!
Усе:Дык давайце гуляць у Чэпел!
- Гэта добрае рашэнне!
Пакажу і спрыт, і ўменне.
- Усё! Бяжым за чапялой!
Вядучы праводзіць лічылку!
Раз сустрэўся гусь з лісой.
Уцякай хутчэй наўскач.
Правілы гульні тлумач!
Усе ўдзельнікі разбягаюцца па баках, а той, хто застаўся, тлумачыць правілы гульні.
-Усе пабеглі па дамам.
Вам, сябры, парады дам,
Як у Чэпела гуляць-
Трэба шмат гульцоў сабраць,
На каманды падзяліць,
Рыску тут жа начарціць.
Дзеці вяртаюцца з чапёламі і выстрайваюцца на сцэне ў радок, падзяліўшыся на каманды хлопчыкаў і дзяўчынак.
-Хто налева, хто направа.
Перашкаджаць не маем права.
Вось вярнуліся гульцы.
Яны проста малайцы!
Прыняслі з сабой чапёлы.
Вось настой будзе вясёлы!
Гульцы выкладваюць з чапёл 2 крыжы, вядучая знаёміць удзельнікаў з правіламі (дэманструе рухі) і словамі песні, якая будзе суправаджаць гульню.
-З чапёл крыжыкі складаем
І ўсе дружна заспявем!
Усе спяваюць песню:
А ў лесе зайка прабягае!
А ў полі жыта прарастае,
Чэпел, чэпел, чэпел знае,
Што ў полі жыта прарастае!
Дзяўчынка: Зразумела! Не складана!
Выклікаю я Сцяпана!
Два удзельнікі прыгаюць паміж чапёл, а ўсе астатнія, паступова паскараючы тэмп, спяваюць песню і, задаючы рытм, пляскаюць у далоні.
Гульня працягваецца да таго часу, пакуль нехта з гульцоў не памыляецца.
Удзельнік, што першым дапусціў памылку, выконвае пажаданне пераможцы.
Пераможца:Я скакаў, стараўся вельмі,
Пацалунак хачу ад Лены!
Наступны удзельник:Хлопцы, вас не падвяду!
З Светай бітву павяду!
Затым надыходзіць чарга іншых гульцоў.
Кіраўнік музея:
Час гульні ўміг праляцеў!
Мо з вас, сябры, хто пагуляць захацеў?
Не саромцесь, пачынайце!
Гістарычную спадчыну набывайце!
Гучыць аўдыёзапіс “Ветрык”.
Кіраўнік музея:
Ветрык гаворыць, што пара вяртацца, што закончыляся падарожжа па прыгожаму, старажытнаму, багатаму сваёй культурнай і гістарычнай спадчынай Цяхціну. Але скончылася толькі на сёння!
Давайце апладысментамі падзякуем актывістам школьнага музея!
Спадзяюся, што вы змаглі дакрануцца да мясцовых таямніц, якія звязаны не толькі з гісторыяй нашай вёскі, але і з гісторыяй краіны!
Ці спадабаўся вам, сябры, наш музейны ўрок-падарожжа?
Што вам асабліва запомнілася?
Што вы захочаце расказаць сваім сябрам?
раскрыть » / « свернуть